Полацак - Катэдра сьв. Сафіі над Дзьвіной

Былая ўніяцкая катэдра. Месца, дзе служыў сьв. Язафат, дзе спачывалі яго мошчы. Месца мучаніцкай сьмерці Полацкіх базыльянаў. Першапачатковы храм, ад якога да сёньня захаваліся падмуркі і частка апсіды вышынёй каля 9 метраў з правага боку сьвятыні, быў пабудаваны паміж 1044 і 1066 гг. Ад 1596 г. — катэдра ўніяцкіх архібіскупаў. Пасьля пажару і частковага разбурэньня 1607 г. храм некаторы час быў у запусьценьні. Але ў 1618 г. катэдра была адноўленая і часткова перабудаваная. У 1642 г. храм зноў пацярпеў ад пажару, але неўзабаве адноўлены. Падчас вайны Масковіі з Рэччу Паспалітай Полацак быў захоплены маскоўскім войскам і храм з 1654 г. па 1667 г. служыў праваслаўным. Падчас Паўночнай вайны ў прытворы храму на загад цара Пятра I разьмясьцілі парахавы склад, які 1 траўня 1710 г. выбухнуў, пасьля чаго Сафійскі сабор быў цалкам разбураны і праляжаў у руінах да 1738 г. На падмурках Сафійскага сабора ўніяцкі мітрапаліт Фларыян Грабніцкі ў 1750 г. пабудаваў 2-вежавую базыліку ў стылі віленскага барока.
Back to Top